Міхась Зарэцкі (сапраўднае імя Міхаіл Яфімавіч Касянкоў; 20 лістапада 1901, в. Высокі Гарадзец, Сенненскі павет, Магілёўская губерня, цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласці — 29 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС) — беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык.
Літаратурная дзейнасць Зарэцкага пачалася ў 1921 годзе, хоць ён, паводле ўласных прызнанняў, не збіраўся быць пісьменнікам. Як успамінае сам Зарэцкі, аднойчы яму прысніўся яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала яго на працягу цэлага месяца. Зарэцкаму захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і ён стаў пісаць. Пісаў доўга і вельмі старанна абдумваў кожную фразу, кожнае слова. Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданне ён даслаў у рэдакцыю газеты «Рабочий», аднак, сумняваўся, што яго надрукуюць.
Сцвярджаецца, што яго літаратурным дэбютам было апавяданне «У Саўках», змешчанае на старонках «Савецкай Беларусі» 29 снежня 1922 года. Але, дэбют трэба аднесці на больш ранні час, паколькі ў гэтай жа газеце 6 студзеня быў надрукаваны матэрыял пад назвай «Ці ж так?», 3 лютага — «Спатканне», 13 кастрычніка — «Сёння» («Малюнкі жыцця»), 22 лістапада — апавяданне «Цішка Бабыль» і толькі 29 снежня — «У Саўках».
Свой шлях у літаратуру Міхась Зарэцкі пачынаў з «малой прозы» і на працягу ўсёй творчай дзейнасці ахвотна звяртаўся да гэтай ёмістай жанравай формы. У сферу пісьменніцкай увагі траплялі перш за ўсё падзеі рэвалюцыйнай рэчаіснасці, жыццё працоўнага чалавека на пераломе гісторыі, класавыя сутыкненні, драматызм барацьбы новага і старога, духоўны рост чалавека, які спазнаў радасці перамогі над неспрыяльнымі абставінамі і над самім сабой. Абсягі яго творчых інтарэсаў з самага пачатку былі даволі шырокімі, разнастайнымі. Гэтаму спрыяў і жыццёвы вопыт, набыты маладым пісьменнікам за час працяглай службы ў Чырвонай арміі. У апавяданнях пісьменьнік часта звяртаўся да новых, мала распрацаваных тагачаснай беларускай літаратурай пластоў сацыяльнай рэчаіснасці і праяваў духоўнага жыцця чалавека. Зарэцкага як мастака не магла не прыцягваць сучасная яму рэчаіснасць, жыццё і праца людзей, побач з якімі ён жыў, клопаты і турботы, якія добра ведаў. Аб гэтым сведчаць апавяданні «Бель» (1924), «На маладое» (1924), «Дзіўная» (1925), «Смерць» (1926) і інш.
У 1930-я гг. Зарэцкі ўжо рэдка звяртаўся да малой жанравай формы. У нешматлікіх творах ужо значна менш мастацкай навізны, праблемнасці, смелага вырашэння тэмы, што мела месца ў ранейшыя гады. Праца над апавяданнямі стала адначасова і сур’ёзнай школай падрыхтоўкі пісьменніка да напісання буйных твораў. Лагічным працягам інтэнсіўных пошукаў пісьменніка ў галіне жанравай формы стала аповесць «Голы звер» (1926). Аповесць займае даволі прыкметнае месца ў творчасці Міхася Зарэцкага. Гэта змястоўны, вострапраблемны твор, у цэнтры якога герой адмоўнага плану. Вартасць аповесці ў тым, што надзённае пытанне сучаснага яму жыцця Зарэцкі пераводзіў у шырокі план, бо суадносіны інтарэсаў асобы і грамадства застаюцца актуальнымі сёння і будуць актуальнымі заўтра.
У канцы 1920-х гг. Міхась Зарэцкі звярнуўся да драматычнай жанравай формы, паколькі пачаў адчуваць яе змястоўнасць, лаканічнасць, эстэтычную сілу і багатыя выяўленчыя магчымасці. Яго першыя п’есы — «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—1929). Асноўны канфлікт п’есы «Віхор на балоце» — барацьба новых людзей супраць мяшчанства. Аб’ектамі выкрыцця ў ёй сталі бездухоўнасць, душэўная чэрствасць і мяшчанства.
У канцы 1920-х — пач. 1930-хх гг. у творах пісьменніка прыкметна паглыбілася заклапочанасць далейшым лёсам рэвалюцыі, перспектывай практычнага ўвасаблення яе ідэалаў. Заклапочанасць перарастала ў сапраўдную грамадзянскую трывогу мастака-гуманіста за будучыню роднага краю, будучыню народу. У гэты перыяд адбываюцца значныя зрухі ў светапоглядзе пісьменніка, у яго стаўленні да многіх вострых праблем тагачаснага грамадства, палітычнага, культурнага жыцця. Сутнасць зрухаў — у рашучым павароце пісьменніка да нацыянальнай праблематыкі.
Многія рукапісы Міхася Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».
У 1965 годзе на рускую мову быў перакладзены раман «Вязьмо» (перавыданне перакладу ў 1978). Раман «Сцежкі-дарожкі» на рускай мове друкаваўся ў скарочаным выглядзе на старонках газеты «Рабочий» у 1927 годзе, а новы поўны пераклад выйшаў у 1971 годзе. У 1980 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла ў перакладзе на рускую мову выбраныя апавяданні.
Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмент» Фёдара Гладкова (1930), «Прыгоды бравага салдата Швейка ў часе сусветнай вайны» Яраслава Гашака (ч. 1, 1931). Выступаў і як крытык.
Пачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе, пісьменнік-наватар, Міхась Зарэцкі ўзбагаціў беларускую літаратуру новымі ідэямі, вобразамі, прыкметна-пашырыў жанрава-стылёвыя, выяўленчыя магчымасці літаратуры.