9 снежня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння
МАКСІМА БАГДАНОВІЧА
Вечна светлы i вечна дужы, Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся — і плачам,
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
У. Караткевіч. «Багдановічу»
Максіма Багдановіча называюць песняром красы і гармоніі. Вялікая любоў жыве ў народзе да яго паэзіі, да яго самога – як чалавека таленавітага і самаадданага. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайнае хараство яго лірыкі. Максім Багдановіч – гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў.
Беларусь, твой народ дачакаеццца
Залацістага, яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Колькі ў хмарках залётных агня! ...
Творчасць славутага майстра – гэта свет прыгажосці, гармоніі, асэнсавання жыцця. Ён вядомы як паэт-наватар, празаік, цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст.
Ты не згаснеш, ясная зараначка,
Ты яшчэ асвеціш родны край.
Беларусь мая! Краіна – браначка!
Устань, свабодны шлях сабе шукай.
Але перш за ўсё Максім Багдановіч – арыгінальны паэт з высокім ідэйна-мастацкім узроўнем твораў, іх жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Яго вершы поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, адзначаныя тонкім псіхалагізмам, музычнасцю, эмацыянальнасцю. Спадчына выдатнага майстра стала каштоўным набыткам беларускай і сусветнай духоўнай культуры.
“Максім Багдановіч па праву заняў пачэснае месца ў нашай маладой паэзіі як высокаталенавіты паэт i майстра паэтычнай формы. Сярод беларускіх паэтаў Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай i шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем i пачуццём паэзіі”.
Якуб Колас
Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршку насення жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Ўсё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясновай збожжа на раллі.
Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засьне,
А ўперад рынецца, маўляў, крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.
“Ёсцъ паэты, якія пішуць творы, каб потым з ix выдаць выбранае, але ёсць i паэты, што пішуць толькі выбранае. Да такіх i належыць Максім Багдановіч”.
Максім Танк
Чуеш, Максім? — не ўмірае!
Я. Янішчыц
Паклон табе, горды Сакольнік
Беларускага крэўнага слова,
Беларускага вечнага слова,
Што ты заручыў яго з небам.
Дзякуй, Максім Багдановіч!
Р. Барадулін