Да юбілею Ніла Гілевіча
30 верасня спаўняецца 90 гадоў з Дня нараджэння Ніла Гілевіча – паэта, перакладчыка, публіцыста, драматурга, навукоўца, славутага сына Лагойшчыны.
Нарадзіўся творца ў вёсцы Слабада 30 верасня 1931 года. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча, філалагічны факультэт БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю, атрымаў вучонае званне прафесара. У 1980 г. яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі. У 1991 ён стаў народным паэтам БССР.
Літаратурная творчасць Ніла Гілевіча багатая і разнастайная. Як паэт Ніл Гілевіч дэбютаваў у друку ў 1946-м. Выдаў некалькі дзясяткаў зборнікаў вершаў, п’ес, паэтычных і празаічных перакладаў, сатыры і гумару, кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы і іншыя.
У 2013 г. выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў пісьменніка.
Народнага паэта Беларусі не стала 29 сакавіка 2016 г. у Мінску. Пахавалі яго на Кальварыйских могілках.
Наш славуты зямляк і сёння жыве ў сваіх таленавітых палымяных радках, якія з удзячнасцю і пашанай чытаюць прадстаўнікі сучаснага пакалення.