21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Кожны чалавек пачынаецца з Радзімы, а Радзіма для ўсіх нас – гэта і песня матулі, яе ласкавыя словы, і казкі, пачутыя ў дзяцінстве, і першыя прачытаныя словы. Усё гэта мы адчуваем, захоўваем у сваёй памяці на доўгія гады праз родныя словы.
Наша мова – гэта спеў жаваранкаў вясной, звон крыніцы, шапаценне ветру. Гэта першая друкаваная кніга ўсходніх славян, выданая Францыскам Скарынам. Гэта творы нашых беларускіх аўтараў, многія з якіх увайшлі ў сусветную скарбніцу літаратуры, песні, якія кранаюць душу. Гэта шчырае “дзякуй” і сардэчнае “калі ласка”, ветлівае “прывітанне” і спакойнае “дабранач”, незабыўнае “каханне” і “мара”, якая здзейснілася. Нездарма беларускую мову называюць адной з самых мілагучных моў сусвету, яна сапраўды незвычайна меладычная, ёмістая, напеўная, увасабляе характар беларусаў. Наша мова – гэта не толькі сродак зносінаў, гэта нашы карані, нашы традыцыі, гісторыя ўсяго беларускага народа, нашы моц і гонар.
У Міжнародны дзень роднай мовы хачу ўсім пажадаць як можна часцей чуць і ўжываць родную мову, берагчы яе, як самую вялікую каштоўнасць, каб словы, звернутыя да вас, былі добрымі, чыстымі і шчырымі, каб у Год беларускай жанчыны ўжываліся толькі словы ўдзячнасці, ветлівасці, а наша беларуская мова спрыяла ўзаемапаразуменню і новым дасягненням.
